11:27 ВЫНІКІ АРХЕАЛАГІЧНЫХ РАСКОПАК УРАДЖВАЮЦЬ | |
Летам бягучага года пад кіраўніцтвам аўтара гэтых радкоў была праведзена чарговая археалагічная экспедыцыя, удзельнікамі якой з'яўляліся студэнты гістарычнага факультэта. Асноўная частка работ была сканцэнтравана на тэрыторыі двух пасожскіх раёнаў - Крычаўскага і Клімавіцкага, дзе былі атрыманы новыя матэрыялы па гісторыі асваення чалавекам міжрэчча Сожа і Астра на працягу апошніх 10 тыс. гадоў. За некалькі тыдняў археалагічных разведак намі было абследавана каля 50 помнікаў археалогіі, сярод якіх 30 з'яўляюцца новымі, раней невядомымі ў навуковай літаратуры. Такім поспехам экспедыцыі мы абавязаны перш за ўсё сумленнай працавітасці студэнтаў гістфака, за што выказваем ім шчырую падзяку, і методыкі разведак, якая прадугледжвала поўнае даследаванне асобных мікраучасткаў з прылягаючымі рэкамі ў ваколіцах асобных вёсак. Напрыклад, толькі каля в. Рудня Клімавіцкага раёна ў радыусе 5 км намі было знойдзена і даследавана каля 12 новых помнікаў археалогіі, што дазволіла прасачыць працэс рассялення старажытнага чалавека ў дастаткова шырокім храналагічным дыяпазоне - ад каменнага веку і да позняга сярэднявечча. На некаторых помніках археалогіі былі праведзены раскопкі. Асаблівую цікавасць у гэтым плане выклікаюць вынікі раскопак старажытнага паселішча каля в.Рудня. На даследаванай плошчы стаянкі была сабрана багатая калекцыя знаходак (звыш 32 тыс. артэфактаў), вывучэнне якой паказала, што гэты ўчастак левага берагу р.Сож засяляўся неаднаразова. Упершыню на гэтай тэрыторыі зафіксаваны матэрыялы, самыя раннія з якіх храналагічна адносяцца да фінальнага палеаліту (12-10 тыс. гадоў назад), калі ў сярэднім цячэнні Сожа ў час адступлення ледавіка з'явіліся асобныя групы паляўнічых на паўночнага аленя, т.зв. грэнскай і свідэрскай археалагічных культур. Для Магілёўскага Пасожжа знаходкі гэтых культур сёння маюць выключна важнае значэнне, бо дазваляюць звярнуць увагу на праблему першапачатковага засялення яго тэрыторыі ў познеледавіковы час. Аднак найбольш прадстаўнічымі ў Рудні аказаліся знаходкі эпохі неаліту (ІІІ тыс. да н.э.). Раскопкамі ўстаноўлена, што насельніцтва ў гэты час валодала дасканалай тэхнікай апрацоўкі крэменю і ўжо карысталася керамічным посудам. У калекцыі помніка, акрамя шматлікіх адшчэпаў, пласцін і нуклеусаў, большасць з якіх несумненна адносіцца да ліку адыходаў вытворчасці, звязанай з апрацоўкай крэменю, маецца багаты комплекс прыладаў працы - разнастайныя скрабкі, разцы, праколкі, сякеры. Некаторыя з іх даюць ўяўленні пра развіццё гаспадарчай дзейнасці неалітычнага насельніцтва. Напрыклад, наяўнасць наканечнікаў стрэл можа ўказваць на існаванне такога занятку як паляванне, а вось знаходкі серпападобнага нажа і некалькіх укладышаў ад падобных прыладаў ускосна сведчаць пра з'яўленне ў канцы каменнага веку вытворчай гаспадаркі, якая была звязана з земляробствам і жывёлагадоўляй. Несумненную цікавасць выклікаюць знаходкі абломкаў неалітычнага посуду, які меў вострае дно і паверхня якога была багата арнаментавана адбіткамі ямак і грэбеня. Сярод керамічных вырабаў, што для нас стала некачаным, было сустрэта некалькі фрагментаў, на якіх з дапамогай наколаў захавалася выява птушкі (верагодна, качкі). Падобнага роду выявы распаўсюджаны ў асноўным на поўначы Усходняй Еўропы - Кольскі паўвостраў і Усходняя Прыбалтыка. На тэрыторыі Беларусі маецца толькі пяць месцазнаходжанняў керамікі з "качкамі". Для Беларускага Падняпроўя і Пасожжа гэтыя знаходкі зроблены ўпершыню. У перспектыве з мэтай папулярызацыі ведаў навукі аб старажытнасцях плануецца арганізаваць шэраг археалагічных выстаў на базе нашага універсітэта і краязнаўчых музеяў Магілёўскага Пасожжа. Яны падвядуць вынікі экспедыцыі апошніх пяці гадоў на адзначанай тэрыторыі і стануць пачаткам стварэння археалагічнай экспазіцыі некаторых музеяў вобласці. А.У.КОЛАСАЎ, | |
|
Новости: